"Сёння адбудзецца выступленне калектыву мастацкай самадзейнасці "Сябры песні” са Смалявічаў”, – радасна паведамлялі адзін аднаму тыя, хто знаходзіўся на лячэнні ў Рэспубліканскім клінічным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М. Машэрава Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. І ўжо хутка са сцэны клуба гэтай медыцынскай установы гучалі песні пра вайну, пра радзіму харыстаў, што завіталі ў госці да ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія мужна змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і перамаглі іх, адстаяўшы свабоду і незалежнасць сваёй краіны.
– Цікавы канцэрт, малайцы смалевічане, – уголас выказвалі слухачы свае думкі, дзякавалі гасцям і запрашалі прыязджаць часцей.
І хаця ў складзе выступоўцаў – адзінаццаць чалавек, але гэты харавы калектыў заваёўвае сэрцы гледачоў не колькасцю, а якасцю выканання. Невыпадкова яны з'яўляюцца жаданымі гасцямі ў шэрагу дамоў адпачынку, санаторыяў і прафілакторыяў, а таксама працоўных калектываў Міншчыны. У выніку за чвэрць стагоддзя сваёй творчай дзейнасці калектыў даў сотні канцэртаў. Гэта заслуга кіраўніка "Сяброў песні” Маіны Паўлаўны Гурыновіч і акампаніятара Казіміра Эдуардавіча Змачынскага. Напярэдадні свята Вялікага Кастрычніка яны сардэчна віншавалі з 30-гадовым юбілеем калектыў Мінскага гарадскога клуба ветэранаў вайны і педагагічнай працы"Аптыміст”. Дарэчы, у кастрычніку на Дзень пажылога чалавека мінчане наведалі сваіх калег у Смалявічах са святочным канцэртам. І смалевічане прыехалі да сталічных харыстаў з нагоды іх юбілею, як кажуць, са словам у адказ. Тут іх, вядома, чакалі і гасцінна сустракалі. Удала гучалі са сцэны клуба "Золак” песні "Седина”, "Играй, гармонь”, "Рязанские мадонны” і іншыя. Канцэрт спадабаўся ўсім прысутным. Удзельнікі клуба "Аптыміст” выказалі "Сябрам песні” і самадзейным артыстам са Смалявіччыны словы сардэчнай падзякі за радасць і добры настрой.
Пётр ШУБЯНОК, актывіст Мінскага гарадскога клуба ветэранаў педагагічнай працы "Аптыміст”.
Подробную информацию читайте в номере 287 – 290 от 07.12.2013 г.