Паважаная рэдакцыя! Вырашылі падзяліцца сваімі ўражаннямі ад раённага свята “Дажынкі — 2017”.
Педагогі, выхаванцы ДУА “Азярыцкаслабадскі дзіцячы сад” пачалі рыхтавацца да свята дажынак загадзя. Цікавай і незвычайнай атрымалася экскурсія на жытнёвае поле, дзе дзеці з захапленнем пазнаёміліся з цуда-паравозікам з саламяных цюкоў.
Паравозік з надпісам “На дажынкі” вёз важкія мяшкі з ураджаем на млын, які непадалёку вабіў вока нашых дашкалят. Свае ўражанні дзеці адлюстравалі ў малюнках, гульнях, фотаздымках.
У дзень свята малыя разам з дарослымі адправіліся падзівіцца новаму і незнаёмаму. Сонейка не вельмі песціла нас цёплымі промнямі. Яно, як быццам, гуляла з намі ў хованкі: то выгляне з-за хмарак, гарэзліва ўсміхнецца і зноў схаваецца. І вось, як толькі мы прыйшлі на святочную плошчу, нас гасцінна і ветліва сустрэла дырэктар ААТ “Азярыцкі — Агра” Ніна Вікенцьеўна Жалязнова, прапанавала пачаставацца найсмачнейшымі стравамі са сваёй гаспадаркі: блінчыкамі з тваражком, салам ды агурочкамі, печанай бульбай ды каўбаскай. Нам захацелася застацца і разгледзець усё, што было на выставе. Уразіла сваімі памерамі бульба — другі хлеб Беларусі, парадавалі адборныя буракі, морква, гарбузы. А замыславатыя кветкі з гародніны выклікалі ў нас сапраўднае захапленне ад фантазіі ўмельцаў. Асобна хочацца адзначыць кулінараў-пекараў з розных гаспадарак раёна: іх караваі — гэта ўвасабленне высокага таленту і майстэрства.
З цікавасцю мы разглядалі і плеценыя кошыкі, снапы, лялькі з лазы, саломы і ўсё тое, што адлюстроўвае характар беларусаў, іх быт, традыцыі. На прыгожай сцэне ўшаноўвалі працаўнікоў нашага раёна, нашай гаспадаркі, дзе працуюць бацькі нашых выхаванцаў.
Сказаць шчыры “дзякуй” людзям працы і пажадаць ім добрага здароўя хацелася нам усім.
Няхай багацее і мацнее каравай дажынак.
З павагай, Наталля ЧЫРКУН, выхавацель ДУА “Азарыцкаслабадскі дзіцячы сад”.
Фота Ларысы САВІЦКАЙ, выхавацеля ДУА “Азарыцкаслабадскі дзіцячы сад”.
Информацию читайте в № 297-300 от 4.10.2017 г.