У гэтыя цудоўныя ліпеньскія дні наша краіна святкуе 70-годдзе з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наша краіна стала незалежнай. Мы жывём пад мірным небам і ўпэўнена глядзім у будучыню.
Шмат выпрабаванняў выпала на долю беларускага народа. Нялёгкімі франтавымі дарогамі прайшлі і жыхары Смалявіччыны. Супраціўленне ворагу аказвалі партызаны і падпольшчыкі, мірныя жыхары.
Напярэдадні вялікага свята — Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 29 чэрвеня, адбылася сустрэча былых партызан, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікоў ветэранскіх арганізацый, моладзі на гістарычным месцы дыслакацыі брыгады "Разгром” ва ўрочышчы Стрыева, на стыку межаў Смалявіцкага, Чэрвенскага і Барысаўскага раёнаў. Менавіта жыхары гэтых раёнаў і складалі асноўны касцяк шасці атрадаў брыгады. Гераічнае мінулае партызанаў-разгромаўцаў з’яўляецца дастойным прыкладам мужнасці і гераізму.
Кожны год на месцы дыслакацыі брыгады збіраюцца людзі, каб ушанаваць тых, хто перамог і выжыў у той жудасны час, і аддаць даніну памяці тым, хто загінуў у імя будучага.
Сярод ганаровых гасцей свята былі старшыня Смалявіцкага раённага Савета дэпутатаў Павел Прохаравіч Графутка, намеснік старшыні Жодзінскага гарадскога выканаўчага камітэта Канстанцін Аляксандравіч Кушнер, ваенны камісар Смалявіцкага раёна і горада Жодзіна Юрый Браніслававіч Марэцкі, старшыня Курганскага сельвыканкама Інэса Браніславаўна Хвашчэўская, старшыня Смалявіцкага раённага Савета ветэранаў Ганна Іванаўна Чачоткіна, старшыня Жодзінскага гарадскога Савета ветэранаў Аляксандр Іванавіч Ляшчэня.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся Павел Прохаравіч Графутка, Канстанцін Аляксандравіч Кушнер, Інэса Браніславаўна Хвашчэўская. Асабліва кранула прамова ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, былога сувязного брыгады "Разгром” Германа Пятровіча Кладава, які на гэту сустрэчу прыехаў з суседняй Украіны. Боль у кожным слове! Ён, ужо сталы чалавек, не можа змірыцца з тым, што зараз адбываецца ў яго краіне, і свята верыць у тое, што гэты жах хутка скончыцца.
Словы ўдзячнасці ветэранам выказалі прадстаўнікі маладога пакалення – піянеры дружыны "Сонечная” Дзяржаўнай установы адукацыі "Кляніцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”.
Памяць жывая, пакуль помняць людзі, пакуль яны ведаюць цану жыцця, падараванага тымі, хто сёння носіць ганаровае званне "ветэран”, і тымі, у гонар каго стаяць абеліскі, спяваюцца песні, здымаюцца стужкі. Выказваючы даніну памяці загінуўшым, здзейсніўшым подзвіг у імя людзей, удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да помніка на брацкай магіле. А потым былыя партызаны дзяліліся ўспамінамі, адведвалі салдацкую кашу і жадалі адзін аднаму дажыць да наступнай сустрэчы.
Мы таксама віншуем усіх са святам і жадаем мірнага неба над нашай роднай Беларуссю!
М.МЕРКУЛЬ.
НА ЗДЫМКУ: сустрэчы на мемарыяльным комплексе "Разгром”.
Фота А.ВАЛАДЗЬКО.
Информацию читайте в номере 149 – 152 от 02.07.2014 г.