Родныя краявіды заўсёды прыцягваюць да сабе, дораць добры настрой, натхняюць на творчасць. Беларускія матывы зачароўваюць, дапамагаюць адарвацца ад праблем і забыцца на клопаты… Мабыць, менавіта гэтым і прывабілі яны беларускага музыку Канстанціна Герашчанку. Амаль усе песні аўтара на роднай мове, а творы адлюстроўваюць дабразычлівасць і духоўную чысціню нашага народа.
Родныя краявіды заўсёды прыцягваюць да сабе, дораць добры настрой, натхняюць на творчасць. Беларускія матывы зачароўваюць, дапамагаюць адарвацца ад праблем і забыцца на клопаты… Мабыць, менавіта гэтым і прывабілі яны беларускага музыку Канстанціна Герашчанку. Амаль усе песні аўтара на роднай мове, а творы адлюстроўваюць дабразычлівасць і духоўную чысціню нашага народа.
У Смалявіцкім раёне К.Герашчанка вядомы як кіраўнік народнага ансамбля песні “Пліса” Дома культуры Смалявіцкай бройлернай птушкафабрыкі. Дарэчы, першапачаткова гурток называўся “Раніца”, а створаны ён быў больш за 40 гадоў назад. Назву ансамбль змяніў толькі ў 2000 годзе, калі прыйшла пара абараняцца за званне “народнага”. На той момант яго ведалі ўжо ва ўсім раёне, усюды добра сустракалі ды запрашалі ў госці.
Прыемна, што ў адносна невялікім пасёлку ёсць людзі, якія любяць, хочуць і ўмеюць спяваць. Алег Сёмін, Ірына Леганькова, Аляксандр Птушкін, Кастусь Герашчанка – тыя, хто робіць яскравым кожнае свята, хто радуе пасёлак сваімі спевамі.
Шмат фестываляў, канцэртаў і конкурсаў перажыла “Пліса”. У пачатку верасня, напрыклад, удзельнікі ансамбля былі на Краснадаршчыне ў горадзе Беларэчынск. Туды смалявіцкая дэлегацыя адправілася, каб наладзіць адносіны, стаць гарадамі-пабрацімамі. Выступленне калектыву вельмі ўразіла мясцовых жыхароў, ім нават прапанавалі выступіць у Адыгейскай дзяржаўнай філармоніі. Але і ў такой вялікай зале, перад вялізнай аўдыторыяй песняры не разгубіліся – выступленне атрымалася і выклікала ў гледачоў яркія ўражанні.
Песні народнага ансамбля, сапраўды, кранаюць душу. У рэпертуары Кастуся Герашчанкі ўжо амаль 100 твораў. Шмат з іх ён напісаў сам, некаторыя – апрацаваныя. Часта музыка ездзіць па вёсках, каб потым стварыць чарговы твор. Ён ніколі не выпускае з рук музычны інструмент – гітару, заўсёды спявае ці прыдумляе новую мелодыю.
-Гэта вельмі добра, калі тваё хобі становіцца любімай працай, — гаворыць Канстанцін.
Дарэчы, так сур’ёзна займацца музыкай К.Герашчанка ніколі не планаваў. Пасля школы скончыў Мінскі радыётэхнічны тэхнікум, музычнай адукацыі ўвогуле не атрымліваў. Рукі самі перабіралі гітарныя струны, ствараючы цудоўныя мелодыі. Цікава, што музычную грамату Кастусь Герашчанка асвоіў у арміі. Пасля адбою ішоў у пакой адпачынку, дзе па кнізе “Школа ігры на гітары” вывучаў новыя акорды. Так, пасля службы ў войску ён ужо добра валодаў інструментам.
Сярод знаёмых Канстанціна шмат беларускіх музык, мастакоў ды паэтаў. Многія не раз складалі вершы на яго музыку для ансамбля. Сярод іх, напрыклад, Алесь Мілюсь, Віктар Шніп, Анатоль Кудласевіч, а таксама мясцовыя творцы: Іван Беладубенка, Сяргей Грахоўскі, Ала Канапелька і іншыя.
Шмат вершаў для песеннага рэпертуару ансамбля напісаў Кастусь Цыбульскі. Твор “Я застаюся тут” нават змешчаны ў кнізе “Беларускія песні і гімны”. Аднойчы на выступленні музыку пачуў пісьменнік Сымон Барыс. Уражаны прыгажосцю і мілагучнасцю песні, ён нечакана прапанаваў уключыць яе ў сваю кнігу.
Творчасць народнага ансамбля песні “Пліса” ніколі не застаецца незаўважанай. Амаль кожны конкурс ці фестываль прыносіць калектыву чарговую ўзнагароду. Асаблівы гонар – дыплом ад Міхаіла Дрынеўскага, кіраўніка народнага хору Рэспублікі Беларусь. Цудоўна, калі нават такія прафесіяналы “ставяць” добрую адзнаку.
Канстанцін Герашчанка не спыняе сваю творчасць. Народны ансамбль песні “Пліса” заўсёды дорыць слухачам новыя песні і ўражанні.
Яна ЧАРАПАНАВА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
Информацию читайте в номере 227-228 от 03.10.2012 г.